ТУ́РАЎСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў ліст. 1941 — ліп. 1944 у г.п. Тураў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. Аб’ядноўвала 18 чал. (кіраўнікі ў розныя часы І.​Л.​Хілінскі, А.​В.​Сідараў, А.​Р.​Багай, С.​В.​Царык). Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, падтрымлівалі сувязь з партыз. атрадам В.З.Каржа, імя Чкалава Пінскай вобл., правялі некалькі дыверсій, сагітавалі на адыход у партызаны каля 170 жыхароў Турава і 35 чал. з варожых фарміраванняў. Напярэдадні вызвалення Турава склалі і перадалі партызанам схему абароны ворага.

т. 16, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)